ФІЗІ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

навука, якая вывучае геаграфічную абалонку Зямлі і яе структурныя часткі (прыродныя тэр. і акватарыяльныя комплексы); галіна прыродазнаўства. Падзяляецца на землязнаўства і ландшафтазнаўства. Уключае палеагеаграфію, геамарфалогію, кліматалогію, гідралогію сушы, акіяналогію, гляцыялогію, геакрыялогію, геаграфію глеб, біягеаграфію. Цесна звязана з картаграфіяй і эканам. геаграфіяй. Гал. задачы Ф.г.: выяўленне функцыян. залежнасцей паміж рознымі прыроднымі з’явамі, даследаванні ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе, рацыянальная арганізацыя тэрыторыі, рэжым яе выкарыстання і аховы. Метады даследаванняў: апісальны, параўнальны, картаграфічны, феналагічны, геафіз., геахім., матэм., стат., дыстанцыйных аэра- і касм. назіранняў і здымак.

Даследаванні па Ф.г. вядомы са стараж. часоў (працы Герадота, Арыстоцеля і інш.). Значнае развіццё атрымала ў перыяд Вялікіх геаграфічных адкрыццяў (гл. таксама Геаграфічныя адкрыцці. У станаўленне Ф.г. як самаст. навукі вял. ўклад зрабіў А.Гумбальт. У 19 ст. з Ф.г. вылучыліся біягеаграфія, гідралогія, глебазнаўства і інш. Асновы сучаснай Ф.г. закладзены ў канцы 19—20 ст. ў працах Л.​С.​Берга, А.​І.​Ваейкава, Г.​М.​Высоцкага, В.​В.​Дакучаева, А.​М.​Краснова, Г.​Ф.​Марозава, Г.​І.​Танфільева і інш. У развіцці яе тэорыі вял. значэнне мелі працы Берга, У.​І.​Вярнадскага, А.​А.​Грыгор’ева, К.​К.​Маркава; у развіцці ландшафтазнаўства — працы Д.​Л.​Арманда, В.​А.​Дзяменцьева, А.​Р.​Ісачанкі, К.​І.​Лукашова, Ф.​М.​Мількова, В.​Б.​Сачавы, М.​А.​Сонцава і інш.; у развіцці агульнага землязнаўства — С.​В.​Калесніка, А.​М.​Рабчыкава, М.​М.​Ермалаева і інш.

З дапамогай фізіка-геаграфічнага раянавання даследуюцца прасторавая дыферэнцыяцыя геагр. абалонкі (занальнасць, азанальнасць, вышынная пояснасць), выяўленне і характарыстыка сістэмы фізіка-геагр. (ландшафтных) зон, сектараў, правінцый, раёнаў. Даследаванні грунтуюцца на палявых ландшафтных здымках, стацыянарных назіраннях з выкарыстаннем матэрыялаў аэрафота- і касм. здымкі. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца для вырашэння аграпрамысл., рэкрэацыйных, меліярац., горадабудаўнічых, раённай планіроўкі і інш. задач.

На Беларусі даследаванні па Ф.г. вядуцца ў БДУ, Ін-це геал. навук. і Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН, вытв. і н.-д. установах ВА «Беларусьгеалогія», праектных установах і інш.

Літ.:

Сочава В.Б. Учение о геосистемах. Новосибирск, 1975;

Арманд Д.Л. Наука о ландшафте. М., 1975;

Котляков В.М. География в меняющемся мире. М., 2001.

В.​С.​Аношка.

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)